Дзень 1. Крывічы
Шаноўныя сябры, пачынаем экскурсію па г. Полацку. Яна будзе доўжыцца некалькі дзён. Сёння дзень першы. Вы пабываеце на тым самым месцы, дзе пачыналася будучая Беларусь. Полацк - унікальны горад. Той, хто хоча ведаць гісторыю Беларусі, пазнаёмцеся з гісторыяй Полацка, таму што менавіта тут захаваліся ўсе вяхі гісторыі нашае краіны.
Сёння мы пабываем на месцы самага першага паселішча будучых беларусаў. Мы знаходзімся на месцы старажытнага гарадзішча.
Полацкія летапісы маўчаць. Але са скандынаўскіх сагаў мы нешта даведваемся. Менавіта сюды прыбылі першыя пасяленцы. Гэта былі балты. Па Заходняй Дзвіне з Балтыйскага мора. Апанавалі гэтае ўтульнае месца на берагах Палаты. Тут і было заснаванае гарадзішча, якое было невялікім, плошчаю каля 1га. У VI ст. н.э. славяне сталі рассяляцца па Ўсходняй Еўропе, выціскаючы балтаў і змешваючыся з імі. Новае племя Полацкіх крывічоў працягвала гаспадарыць на гэтай зямлі. Полацк узнік, як цэнтр гандлю славян - крывічоў на Заходняй Дзвіне і Палаце.
Тады яны і не меркавалі, што іх паселішча, што атрымаўшы назву ад ракі Палаты, стане сталіцаю магутнага Полацкага княства ва Ўсходняй Еўропе, а іх нашчадкаў будуць называць і ліцвінамі, і белорусами, і беларусамі. І менавіта тут, на гэтым месцы, будзе знаходзіцца цэнтр Полацкага княства, і ўладарыць тут будзе ў X ст. князь з імем Рагвалод. Хто ж нападзе на Рагвалода і разбурыць княства, і як яно будзе зноў адноўлена? Аб гэтым ужо ў наступнай сустрэчы.