Дзень 2. Нашчадкі Рагвалода
Шаноўныя сябры, ці памятаеце вы пра Рагвалода ? Першы летапісны князь Полацкага княства. Менавіта тут, на беразе Палаты былі ягоныя ўладанні. "Ён трымаў Полацкую зямлю і валадарыў ёю". Гэтыя месцы памятаюць Рагвалода і ягоную дачку Рагнеду. У канцы X ст. ва Ўсходняй Еўропе былі яшчэ два буйных цэнтры: Кіеў і Ноўгарад. У Кіеве валадарыў Яраполк, а ў Ноўгарадзе - Уладзімір (так-так, той самы Краснае Сонейка). Абодва князі сватаюцца да Рагнеды. Яна абірае Яраполка. І, калі ўсё княства рыхтуецца да вяселля, Уладзімір нападае на Полацк. Горад спалены, забіты Рагвалод, ягоная жонка, ягоныя два сыны. Рагнеду Уладзімір гвалтам бярэ жонкаю. Полацкая княжна марыць пра помсту. І вось аднойчы Ўладзімір прачынаецца, а рука Рагнеды з мячом ўзнятая над ягонаю галавою. Ён бы не пашкадаваў Рагнеду, але паміж імі становіцца іх сын Ізяслаў. Уладзімір высылае і Рагнеду, і Ізяслава ў дальнія землі, цяпер горад Заслаўе пад Менскам. Чаго ж можа жадаць Рагнеда ? Толькі таго, каб дынастыя Рагвалодавічаў працягвалася, каб Полацк быў узноўлены. Яе мара спраўджваецца. Уладзімір аддае Ізяславу спалены Полацк. І цягам амаль двух стагоддзяў Полацкам валадараць унукі і праўнукі Рагвалода.
У XI ст. цэнтр Полацка знаходзіцца ўжо не на гэтым месцы, а на высокім беразе - там, дзе Палата ўліваецца ў Заходнюю Дзвіну. Прайшоўшы 800 м цячэннем Палаты, мы з вамі апынемся на Верхнім Замку. Давайце зараз туды і накіруемся. Вы пабачыце месца, якое ажно да XVII ст., ўключна, было калыскаю беларускай дзяржаўнасці, культуры і духоўнасці. Вашаму погляду адкрыецца маляўнічы далягляд. Менавіта там унук Ізяслава пабудаваў першы каменны храм на тэрыторыі Беларусі, які мы называем візітоўкаю нашага горада - Сафійскі Сабор.