Дзень 3. Хрысціянства
Зараз мы з вамі на тым месцы, што называюць Верхнім Замкам. Пабачце Дзвіну. Гэтая рака памятае і Рагвалода, і Рагнеду, і Ізяслава, і ягонага ўнука Ўсяслава, якога празвалі Чарадзеем і які ў XI ст. валадарыў Полацкім княствам ні замала, ні зашмат - 57 год. (Гэтая традыцыя доўгага валадарання пакрысе зараз вяртаецца). За гэты час толькі чатыры гады Полацк быў пад уладай Кіева. Пры Ўсяславе княства мела ўсе атрыбуты дзяржаўнасці: свая тэрыторыя (працягалася да берагоў Балтыйскага мора), свая армія, сваё праўленне, свае грошы. Адарвірог быў гэты князь. Нападаў і на Ноўгарад, і на Смаленск. Нават з Наўгародскага Сафійскага сабору званы сцягнуў і ў Полацк прывез. За гэта атрымліваў па носе зваротнымі набегамі. Але хацеў даказаць і даказаў усёй Еўропе, что Полацкае княства выдатна пачуваецца і ні ад кога не залежыць.
Таму і ўзводзіць тут на беразе Дзвіны Сафійскі сабор. Ня горшы за Кіеўскі і за Наўгародскі. З сямю купаламі. У гэтым саборы прымалі паслоў, падпісвалі мірныя дамовы, абвяшчалі вайну, захоўвалі казну княства, старажытную бібліятэку. Гэта сведчыць аб даўняй наяўнасці на Беларусі пісьменства, архітэктуры і багацейшае гісторыі. Але, калі б Усяслаў пабачыў сабор у наш час, то, пэўна, не пазнаў бы яго. Зруйнавалі сабор ушчэнт у XVIII ст. Але прастаяў жа колькі - з 1066 да 1710 г. ! Як дойдзем мы з вамі да XVIII ст., то даведаемся хто і за што так з Полацкай Сафіяй абыйшоўся, і ў каго паўстала сілы і рашучасці ўзнавіць і ўдыхнуць яшчэ адно жыццё ў гэтую Полацкую святыню.
Пяройдзем адразу жа ў XII ст. Тым больш, што тут, каля Сафійскага сабору, мы бачым вялізарны камень - помнік пісьменства XII ст. Названы ён у гонар старэйшага сына Ўсяслава - Барыса. Справа ў тым, што пасля смерці Ўсяслава Полацкае княства было падзелена паміж яго сынамі. Вось памяць пра Барыса - старэйшага сына, апынулася на гэтым камяні. Па ягоным прыказе крыж высечаны і надпіс "Господи, помози рабу своему Борису". Сярод навукоўцаў няма адзінага меркавання наконт надпісу на камені. Але мы і самі можам меркаваць. Хацеў Барыс свой народ, які здаўна меў звычай камяням пакланяцца, да царквы прывучаць. Вось і з'явіўся на камені крыж - сымбаль новае веры. Хрысціянства жа прыйшло ўжо на Полацкую зямлю ў 992 г. Нехта прывязвае гэты надпіс да галодных гадоў 1127-1128 гг. Хто ведае, а можа гэты камень насамрэч дапамагаў дахрысціянскім людзям? Спраўджваў усе жадункі і просьбы. Давайце і мы ўяўна дакранемся да Барысавага каменя і замовім жаданне. Праверым - а раптам спраўдзіцца!
Гонар нашым продкам, у XII ст. мелі пісьменства, спрытныя і разумныя ўжо людзі былі - што мужчыны, што жанчыны. Пра сябе памяць пакінула самая адукаваная жанчына XII ст. - палачанка Прадслава, знакамітая нам усім пад імем Еўфрасіння Полацкая. Дарэчы, унучка Ўсяслава Чарадзея. Па яе замове Спаса-Праабражэнская царква была пабудаваная і манастыр заснаваны. Усё дажыло да нашых дзён. Давайце накіруемся да манастыра і ўсё пабачым на свае вочы. Толькі гэта ўжо пры наступнай сустрэчы.