Дзень 5. Шпацыр берагам Дзвіны
Заходняя Дзвіна пачынаецца маленечкім ручайком на Валдаі ў Цверской вобласці. Даўжыня ракі 1010 км. Цячэ тэрыторыямі Расіі, Беларусі, Латвіі ды шырокай плынню ўліваецца ў Балтыйскае мора.
Ба, паглядзіце -- ці не бурштын гэта выкінула хваляю на бераг? Па Дзвіне з II ст. да н.э. пралягаў гандлёвы бурштынавы шлях, а з IX па XII стст. ею праходзіў шлях "з варагаў у грэкі". Рака выгадна злучала Полацкія землі з Балтыйскімі ды Скандынаўскімі, краінамі Чорнага і Міжземнага мораў, з далёкім Арабскім Халіфатам. Мы ўдзячныя вікінгам, якіх славяне іменавалі варагамі за адкрыццё найкарацейшага шляху з Балтыкі да Чорнага мора праз Дзвіну і Дняпро -- усяго 2700 км.
А што гэта зіхаціць ля вады? Ці не арабскі дырхем? Дырхемы былі асноўнай валютай на нашых землях ажно да XI ст. Навукоўцы сцвяржджаюць, што гэтых грошай у гандлёвым звароце між Скандынавіяй і Ўсходняй Еўропай было 1.5 мільярды штук, што адпавядае 5 мільярдам даляраў ЗША на сённяшні дзень! Ад варагаў трапілі да нас гэтыя грошы.
Галоўным таварам у варагаў былі рабы, іх везлі ў Канстантынопаль і абменьвалі на срэбныя арабскія манеты. Глядзіце, варажскі карабель набліжаецца. Что варагі вязуць? У асноўным -- гэта зброя, медзь, свінец ды коні. А ў нас яны гатовыя набыць шкуру, мёд, воск.
Але вось ужо мяжа XII-XIII стст. Мы можам бачыць на Дзвіне судны нямецкіх купцоў. Крыжакі заснавалі фартэцыю ў вусці Дзвіны, дзе пазней вырас горад Рыга і полацкія купцы вымушаныя гандляваць з Еўропай праз Рыгу. Судны нашых купцоў плывуць заладаваныя таварам у Рыгу, на выспу Готланд і далей у гарады Любэк, Брэмен, Мюнхен, Дортмунд.
А мы зараз накіруемся ў раён "Аэрапорт", да крамы "Фрыдрыхсхафэн". У 2009 годзе тут усталяваны знак -- шалі, якія сымбалізуюць гандлёвыя сувязі Полацка з іншымі гарадамі ды народамі. Які жа гандаль без падману! Паглядзіце, на левай чашы шаляў -- вагі з прасвірдлаванымі дзіркамі, а на правай чашы замацаваны магніт. На шалях надпісь: "Ведай меру", і на латыні: "Nosce modum!". Гэта напамін нам, что і ў гандлю, і ў жыцці трэба ведаць меру, на сваіх унутраных шалях узважваць справы ды ўчынкі, кожнае слова.
Недалёка адсюль ёсць памятнік князю Ўсяславу Брачыславічу, у эпоху праўлення якога Полацкае княства дасягнула найвышэйшага росквіту. Але гэта ўжо наступным днём нашае экскурсіі.