Заходняя Дзвіна
Крыніцы:
- У. А. Арлоў, "Таямніцы Полацкай гісторыі"
Землі, дзе неўзабаве пасля прыходу крывічоў вырас Полацк і пачала мацнець Полацкая дзяржава, былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам і рымлянам.
Памятаеце міф пра Фаэтона?
Гожы юнак прасіў свайго бацьку, бога сонца Геліяса, дазволіць хоць адзін дзень пакіраваць сонечнаю калясніцай. Бацька згадзіўся з неахвотаю, і змрочныя прадчуванні яго не падманулі. Адчуўшы няўпэўненую юначую руку, вогненная запрэжка кінулася ўбок, напалоханы Фаэтон выпусціў лейцы, і коні панесліся, не разбіраючы дарогі — то ўзлятаючы высока ў неба, то летучы над самай зямлёю і неміласэрна палячы яе агнём.
Угневаны Зеўс паразіў няшчаснага Фаэтона маланкаю, і той упаў у далёкую ад роднага Алімпа раку Эрыдан. Сёстры, што прыйшлі на яго магілу, воляю багоў зрабіліся дрэвамі, іх слёзы падалі ў празрыстыя рачныя хвалі, цвярдзелі і ператвараліся ў бурштын, а плынь, як пісаў Авідзій, несла іх па залатым пяску да мора на ўборы рымскім прыгажуням.
Чаго я раптам узгадаў гэты міф? Ды з тае прычыны, што Эрыдан, які прыняў Фаэтонава цела, успаміналі яшчэ Гамер і яго вучань Гесіёд, пра «хуткаплынны Эрыдан» пісаў у паэме «Арганаўтыка» ў III стагоддзі да н. э. Апалон Радоскі, а шмат паважных вучоных у XIX i XX стагоддзях сцвярджалі, шго Эрыдан — гэта нашая Дзвіна. Дарэчы, яна мела і іншыя старажытныя імёны: Рубон (адсюль і баявы кліч палачанаў з якім яны ішлі на ворагаў — «Рубон!») або Рудон, Дуна, а яшчэ Дзіна або Віна — так завецца рака ў некаторых скандынаўскіх сагах. У Палаты таксама было даўняе найменне — Турунт.
У прыліве шчырага патрыятызму беларускі краязнаўца Аляксей Сапуноў у канцы XIX стагоддзя пісаў што пра Дзвіну з большым правам, чым пра любую іншую раку свету, можна сказаць: яна нясе ў хвалях сваіх гісторыю і жыццё народа.