Сучаснае паселішча задоўга пасля старажытнага гарадзішча
Парадаксальна, але месца старажытнага Полацкага гарадзішча ніяк не турыстычнае і, ўвогуле, з выгляду не для наведванняў. Сціплы абеліск з надпісам "Гарадзішча" блізу дарогі - бяз дат, без гісторыі гэтага месца, хоць бы кароткай, наўрадці прываблівае людзей пастаяць, пафотацца каля яго. Можа калі бы было хоць пару зэдлікаў на высокім беразе Палаты, то падыходзілі бы людзі...
Са школы ведаю адно : тут было першае паселішча. Чаму тут, як і хто заснаваў, калі? Нават дзе тое гарадзішча дакладна знаходзілася, упэўнены, далёка ня кожны палачанін ведае, і я ня ведаў, пакуль не зацікавіўся сам. У кніжцы С.Тарасава "Полацк. Гісторыя і тапаграфія", пакапаўшысь і разабраўшысь у планах, можна даведацца дакладна пра гарадзішча.
Вось і рушыў адным снежным днём абыйсці вакол гэтага пагорка ды пафотаць. Прыемны і натхняльны атрымаўся шпацыр - з думкамі пра сівую-сівую ад даўніны мінуўшчыну (больш за тысячагоддзе назад!), пра тое як гэтае месца самім Богам закладзенае для заснавання на ім паселішча праз такі трапны ландшафт - усё па фэн-шуй, так бы мовіць. Пра тое, што, магчыма, малавата да гэтай неверагодна даўняй гісторыі ўвагі мясцовых людзей...