Гарадзішча

Паводле miesta.by   

Крыніцы:

  1. І.І. Каліноўскі, "Тэхналагічная карта (Метадычная распрацоўка) і кантрольны тэкст агляднай экскурсіі па г. Полацку на тэму "Полацк – найстаржытнейшы горад Беларусі""
  2. У. А. Арлоў, "Таямніцы Полацкай гісторыі"

другая пал. VIII - другая пал. IX ст.

Старажытнае гарадзішча мысавага тыпу было заснавана балтамі – продкамі сучасных латышоў і літоўцаў. Былое гарадзішча і паселішча каля яго захавалася да нашага часу. Менавіта там пачынаўся Полацк, заснаваны крывічамі ў VIII ст. на месцы былога балцкага паселішча. Полацк узнік як гандлёва-рамесны цэнтр крывічоў-палачан і як рэзідэнцыя мясцовай адміністрацыі. Гэты статус забяспечваў стабільнае развіццё горада на працягу IX-X стст.

У летапісах Полацк называюць Полотеск, Полтеск, паводле скандынаўскіх сагаў Палтескіуборг, Палтэскіа. Гэтаму гораду лёс прадвызначыў стаць калыскай беларускай дзяржаўнасці, культуры і духоўнасці, гістарычнай прарадзімай беларусаў.

На жаль, полацкія летапісы маўчаць, яны да нашага часу не дайшлі, крыніцы ж рускіх летапісаў пра Полацкую зямлю нешматлікія. Даволі шмат разоў Полацк узгадваецца ў скандынаўскіх сагах.

У курганах вакол Полацка часта знаходзяць уласцівыя старажытным балтам шырокія арнаментаваныя і звярынагаловыя бранзалеты. Цікавыя адкрыцці чакалі археолагаў каля полацкай вёскі Дзмітрыўшчына, дзе ў пахаваннях курганнага могільніку знойдзеныя тыпова латгальскія нагрудныя ўпрыгожанні.

Сустрэчы даўнейшых і новых жыхароў Прыдзвіння, пэўна ж, не заўсёды былі мірныя. Балты і славяне шмат чым розніліся між сабою, але існавала і тое, што іх аб’ядноўвала, — агульная паганская (язычніцкая) вера. Відаць, менавіта яна дазволіла паразумецца, ужыцца і ўрэшце на пачатку II тысячагоддзя н. э. зліцца ў адну этнічную супольнасць.

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, хто ж усё такі беларусы — славяне з моцным дамешкам балцкай крыві ці аславяненыя балты, аднак у любым выпадку цяперашнія латышы і літоўцы даводзяцца нам кроўнымі братамі. Сведчанні гэтага — аднолькавыя сюжэты песняў і паданняў, арнаменты, стравы, прыклады працы, наміткі і фартухі ў народных строях. Дый старажытнае Купалле апрача беларусаў захавалі толькі латышы, у якіх яно называецца Ліго.

другая пал. X ст.

Ва ўсіх народаў дзяржава пачынаецца з горада. Тагачасны Полацк — гэта абнесены драўлянымі сценамі, абведзены валам ды ровам град-дзядзінец, а таксама неўмацаваны вакольны горад — пасад, дзе жылі рамеснікі. Яны сяліліся і каля княжага дзядзінца, і трохі далей, дзе цяпер гарадскі стадыён. Полацк меў тысяч пяць жыхароў — крыху меней за Кіеў і Ноўгарад і болей за любы іншы ўсходнеславянскі горад.

Летапісы называюць Полацк сярод гарадоў, дзе сядзелі князі, якія прызнавалі старэйшым кіеўскага Алега. Разам з тым улада далёкага Кіева ніколі не была тут трывалай. Горад нашых продкаў імкнуўся жыць незалежна і будаваць сваю дзяржаву. Добрыя ўмовы гэтаму стварала выгаднае геаграфічнае становішча на шляхах, што звязвалі Арабскі халіфат і Хазарыю са Скандынавіяй і славянскім светам. Аб’яднанню прыдзвінскіх земляў спрыялі агульнасць прыродных умоў (а значыцца, і ладу жыцця) і, вядома, этнічныя асаблівасці тутэйшых жыхароў, у чыіх жылах змяшалася балцкая і славянская кроў.

У другой палове X стагоддзя ў Полацку кіраваў незалежны ні ад Кіева, ні ад Ноўгарада князь Рагвалод. (Магчыма, ён быў сынам полацкай княгіні Прадславы, згаданай у дамове, якую ў 945 годзе падпісалі Візантыя і кіеўскі князь Ігар.) Іначай кажучы, якраз у тыя часы і пачала існаванне першая беларуская дзяржава — Полацкае княства.

На хаўрус з ёю мог разлічваць той, хто возьме за жонку Рагвалодаву дачку Рагнеду. Магла віраваць над Палатою вясельная бяседа з хмельным мёдам і заморскім віном, з песнямі гусляроў і прысягамі на вечную ўзаемную вернасць. Гісторыя ж вырашыла па свойму: не рамейскае віно лілося на Рагнедзіным вяселлі, а кроў…

другая пал. X - другая пал. XI ст.

Сын Рагнеды і Уладзіміра Ізяслаў у полацкім радаводзе фактычна паклаў пачатак адраджэнню дынастыі мясцовых князёў, якія пасля Ізяслава называлі сябе Ізяславічамі. Ізяслаў увайшоў у гісторыю як адукаваны чалавек-кніжнік. Пры яго княжанні пачала збірацца бібліятэка Сафійскага сабора. У 992 г. была створана епіскапская кафедра. Памёр Ізяслаў у 1001 г., а яго сын Брачыслаў, які княжыў у Полацку з 1001 па 1044 г. змог умацаваць сваю дзяржаву. Пры Брачыславе полацкія землі пашырыліся, а сам Полацк зноў заявіў пра сваю самастойнасць і замацаваў становішча на даволі значным участку гандлёвага шляху, што праходзіў па Зах. Дзвіне.

Вернемся да падзей канца X ст., калі Полацкае гарадзішча было зруйнавана. Сучасныя полацкія гісторыкі лічаць, што пасля разбурэння гарадзішча яно не перастала існаваць. Жыццё на ім працягвалася да канца XIII – пач. XIV ст. Шматлікія рэчы, знойдзеныя падчас раскопак, сведчаць, што князь з дружынай, баяры, рамеснікі па-ранейшаму жылі на гарадзішчы. Пасля XIII ст. статус гарадзішча змяніўся. Пазней тут былі могілкі, а ў наш час знаходзіцца вельмі шчыльная прыватная забудова, якая не дазваляе зрабіць гэты каштоўны археалагічны помнік важным экскурсійным аб'ектам.

Але мы павінны памятаць, што пачатак Полацка менавіта там, што на гарадзішчы размяшчаўся княжацкі двор полацкіх Ізяславічаў, Рагвалодавых унукаў. Разам з баярамі, слаўнымі мужамі-палачанамі, тут жыў славуты князь Усяслаў Брачыславіч і многія яго знакамітыя нашчадкі.

< Назад да Гарадзішча